?

Log in

No account? Create an account
Пачатак верасня – гэта час правядзення самага забароненага і самага падпольнага фестываля Беларусі “Аршанская бітва”.
У далёкім 1991 годзе беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які тады жыў ў Воршы, задумаў незвычайны фестываль. Ідэя была такая: запачаткаваць традыцыю беларускім выканаўцам аўтарскай песні збірацца ў вусці рэчкі Крапіўны ў пачатку верасня – там і тады, калі адбылася ў 1514 годзе Аршанская бітва. За 25 гадоў сваёй гісторыі “Аршанская бітва” перажыла і ўзлёты, і падзенні, ператварыўшыся ў буйную адкрытую пляцоўку для бардаў і маладых беларускіх паэтаў. Апошнія 9 гадоў з-за ціску сілавікоў аўдыторыя фестываля зменшылася з 2-3 сотняў да 1-2 дзясяткаў чалавек, стаўшы амаль што падпольным фестывалем. Але нязменным было адно – выступленне аўтара ідэі Андрэя Мельнікава. І вось сёлета ўпершыню на “Аршанскай бітве”-’16 Мельнікава, які ўсюды называе сябе бацькам фэсту, не было.
Ён выбраў нейкую іншую пляцоўку, здаецца, недзе ў Лідзе. Напэўна там плацілі грошы. Напэўна там было лепш, чым недзе вечарам ў лесе паміж Оршай і Дуброўнай. Калі капітан пакідае тонучы карабель, то яго каманда дзейнічае ўжо па-свойму. Месца капітана фестываля на сённяшні дзень свабоднае.
А што ж “Аршанская бітва”? Яна прайшла без нашых бардаў. За адсутнасцю капітана карабель вёў каардынатар фэсту аршанскі гісторык-даследчык Юрка Копцік, які паказаў напісаную ім адмыслова для фестываля песню “Крапівенскае поле”. А што ж нашы барды? Нават не авалодаўшы яшчэ ў дастатковай ступені ні словам, ні голасам, ні гітарай нашы выканаўцы аўтарскай песні тым не менш ужо навучыліся ставіць умовы: аплаціце мне праезд плюс ганарар за выступ – хто 50, а хто і 100 у.а. “Рэйтынгавае” старэйшае пакаленне наогул падобна на тое, што “спісалася”. Як той жа Бартосік, Шалкевіч. Напэўна да гэтай кагорты цяпер можна далучыць і Мельнікава. Што ж, ім цяпер застаецца толькі шукаць платныя імпрэзы. А вечарам у лесе ля Крапіўны  сабраліся маладыя і не надта маладыя людзі з Оршы, Магілева, Віцебска. Крапівенскае поле па-ранейшаму прываблівае да сябе тых, хто ведае, што гэта за месца і што яно азначае для нас. Чыталі вершы, слухалі беларускую музыку ды й проста гаварылі пра надзённае і цікавае ўсім. Падымалі чарку з традыцыйным для гэтага месца тостам – за перамогу. Ды спадзяваліся на лепшы час для Беларусі.

"Жыве Беларусь!" Удзельнік яшчэ першага фестываля 1991 г. аршанец Васіль Мірановіч.

Імправізаваная сцэна фестываля.

Студэнт з Віцебска Піліп распавядае пра апошнія акцыі "Маладога фронту".
А. РШАНСКІ

Tags:

АДПАЧЫНАК НА КРАПІЎНЕ -‘15
  Адпачынак як адпачынак: прыехалі, сталі лагерам, адпачылі. У краіне, дзе бал правіць не закон, а спецслужбы, АМАП і спецназ, гэта стала ўжо практычна нормай – лес, ноч, верасень. Як звычайна цяпер. Усе сустрэліся, як сустракаюцца старыя, добрыя сябры, якія не бачыліся год. Традыцыя – вялікая рэч. А традыцыі трэба песціць і захоўваць. Добрыя традыцыі, зразумела. А ёсць і дрэнныя традыцыі. Іх магла пабачыць тая група мясцовай апазіцыі, што 8 верасня наладзілася з’ездзіць на крапівенскі мемарыял, каб адзначыць гэты дзень нашай славы. Адразу за горадам да мікрааўтобуса прыліпла патрульная машына ДАІ. І як эскорт пайшла наперадзе. Аўтобусік звярнуў налева, а яна пайшла прама. Але зараз жа вярнулася, і як толькі мікрааўтобус спыніўся, лейтэнанцік ДАІ зараз жы прыліп да кіроўцы мікрыка, і той пацягнуў з загашніка ўсе свае дакуманты… А на сжатым полі па дарозе на мемарыял стаяла чорная “Audi” нібыта пустая. Але як толькі прыехалыя сталі вяртацца, у машыну селі двое ў цывільным, і яна ад’ехала. Затым пайшла за мікрааўтобусам, але раптам спынілася на прыпынку рэйсавага аўтобуса Дуброўна-Орша і стала назіраць за абстаноўкай.
  А тут аніякіх чорных “Audi”, ані патрульных пахмурных ДАІшнікаў. Толькі ноч, верасень і лес. Толькі мы і мінулае нашага краю. Мінулае можа быць розным. Трагічным, ганебным, прыкрым і нават фальшывым. Як “Лінія Сталіна”. А можа быць славутым, светлым, шаноўным, вядомым. Такім, якім можна і трэба ганарыцца. Такім, як крапівенскае поле. І адпачываць на Крапіўну збіраюцца тыя, хто хоча мець якраз такое мінулае. Якраз пра такое мінулае спяваў тут Андрэй Мельнікаў. Яго слухалі як заўжды – з цеплынёй і добразычлівасцю. Спяваў і даўняе сваё, і нядаўняе. Спяваў як заўжды – натхнёна і прыўзнята. Мельнікаў амаль ніколі не гаворыць пра тое, што спявае – што за песня, чые словы, як пісалася, што натхніла. З аднаго боку добра: не думаеш, што за той ці іншай песняй стаяла. А з другога – хацелася б і сёе-тое ўдакладніць ці даведацца. А так суцэльны паток свядомасці. А валоданне ім гітарай, здаецца, ужо ніколі не дасягне адпаведнасці ўзроўню ягонага паэтычнага слова.
  Улад Шульжыцкі са Смаргоні быў на Крапіўне ўпершыню. Ён пачынаючы паэт. Чытаў тое, што нямногае ў ягоным паэтычным багажу было. Паэтыка чыста на патрыятычную тэматыку. Смела, часам рэзка, але цікава. Пачакаем, што Шульжыцкі напіша далей. Юрка Копцік чытаў скарочаны варыянт свайго эсэ “Адзін дзень на абломку імперыі” з музычным суправаджэннем “Dead can dance”. Зрабіла ўражанне. Спявалі народныя песні, слухалі музыку беларускіх выканаўцаў. Сумна не было. І падымалі па чарцы “Чарадзея” за перамогу. Самы традыцыйны тост на Крапіўне. А добрыя традыцыі трэба песціць і захоўваць.
А. РШАНСКІ  

Вось і пайшло ў лету 500-годдзе Аршанскай бітвы. Мастак Алесь Пушкін са сваім перформансам “Дражніць гусей на крапівенскім полі”, пленэр мастакоў суполкі “Пагоня” на мемарыяле, дзе сёлета з’явіліся на валунах медальёны з выявамі Канстанціна Астрожскага, Юрыя Радзівіла і Івана Сапегі.

Пазіцыя рэжыму была гранічна зразумелая: гранічна мінімізаваць любое памкненне людзей адзначыць славутую дату. У дзяржпрэсе – аніслова, грамадскаму аргкамітэту традыцыйна подла адмовілі ў дазволе па надуманай прычыне літаральна за некалькі дзён да 500-годдзя, адмыслова цягнуўшы з адказам да апошняга. Бо за некалькі дзён нельга прыдумаць і рэалізаваць нейкі запасны варыянт адзначэння. І грамадскі аргкамітэт па адзначэнні 500-годдзя традыцыйна аказаўся да гэтага не гатовы. А што ж фестываль?

Фестываль прайшоў традыцыйна ў бліжэйшую да 8 верасня суботу – 6 верасня. І адметна тое, што, пакуль яшчэ не страціўшы рысаў адпачынку на Крапіўне, дзея ізноў паціху набывае рысы сапраўднага фэсту. Сёлета пасля некалькіх гадоў, калі выступалі на адпачынку на Крапіўне – дамовімся пакуль што называць яго так – толькі пара выканаўцаў, Андрэй Мельнікаў ды Мікола Рудакоўскі, гэтае кола паціху пачало пашырацца. Пра Мельнікава і Рудакоўскага мы пісалі ўжо нямала, таму больш пра астатніх. У выдатную вераснёўскую ноч у гаі блізу Крапіўны ўпершыню выступіў Сяргей Доўгушаў. Ён з в. Тарчылава Аршанскага раёна, удзельнік рок-гурта “Вурай”. Аўтарская песня – гэта, так бы мовіць, ягоны пабочны праект. І надта сабе нічога праект, трэба сказаць. У яго з дзясятак уласных песняў, на сцэне трымаецца ўпэўнена і цвёрда, голас выразны, мелодыка адметная. Больш канкрэтна пакуль мала што мушу сказаць; нешта ўсё ніяк не ўдаецца зрабіць аўдыёзапіс выступаў адпачынку на Крапіўне.

Да таго ж была яшчэ адна прычына: вядомая паэтка і не менш вядомая журналістка тэлеканалу “Белсат” Валярына Кустава пастаянна адцягвала маю ўвагу. Яна здымала там нейкі фільм пра фестываль, і пастаянна лезла да прысутных з мікрафонам ды рознымі абстрактнымі пытаннямі. Нарэшце яна выйшла да мікрафону і прачытала пару сваіх вершаў. У Куставай уражваюць дзве рэчы. Першая: як пры такой квітнеючай каханнедайнай знешнасці яна піша абсалютна гатычныя вершы? Там у яе вершах амаль паўсюдна выючы вецер, начны цень і душэўны неспакой. І гэта яшчэ мякка сказана. Другая: пры ўсім пры тым яна абсалютна не памятае свае вершы. Бо чытала ўсяго пару вершаў пастаянна паглядаючы на тэкст у сваёй “мыльніцы”. Хаця чаго дзівіцца: Мікола Рудакоўскі добрую палову сваіх песень таксама спявае, паглядаючы на аркушы паперы. Можа гэта цяпер мода такая – напісаў ды забыў? Дрэнная мода, калі так.

Зміцер Захарэвіч таксама ўпершыню на Крапіўне. Адразу захоплівае ў палон сваёй экспансіўнасцю. Захоплівае і нясе, нясе, нясе… Але калі цябе доўга нясуць, дык забор пачынае стамляць і забіраць не так ужо і шчыльна. І пачынаеш заўважаць стылёвую аднастайнасць песень, іхны нейкі шаблон. Ягоны камандны голас і добра пастаўленая дыкцыя прымушаюць падазраваць у ім былога вайскоўца. І як мне сказалі, небезпадстаўна. Так і цягнула спытаць: Зміцер, а што небудзь лірычнае ёсць? Хацелася б пачуць яго яшчэ раз праз год і параўнаць – змянілася што ў выканаўчай манеры ці не? Можа тады і не прыйдзецца задавацца падобнымі пытаннямі.

Кола выступоўцаў сёлета мусіла быць яшчэ больш шырэйшым. Але некаторыя выканаўцы, выступ якіх чакалі, па розных прычынах не прыехалі. Што ж, яны цяпер “зоркі”. І як заявіла адна такая “зорка” на запрашэнне надоечы пайграць на “кватэрніку” ў Воршы, менш чым за 100$ яна “абы дзе” граць не будзе. Не лішне нагадаць такім вось нашым “зоркам” беларускай аўтарскай песні адну рэч. Гэта дзякуючы менавіта крапівенскаму фэсту рэжым на іх “раптам” звярнуў увагу. Бо там, у адрозненне ад іх, сочаць за фестывалем, чытаюць усю прэсу і робяць належныя высновы. Пасля 2007 году іх актыўна пачалі запрашаць на літаратурныя праграмы Белдзяржтэлерадыёкампаніі ды розныя фестывальчыкі й канцэрцікі, прычым плаціць нават нейкія грошыкі. Якія да таго ж фестывальчыкі тыя ладзяцца часта ў супрацьдзеянне Крапіўне – якраз у той жа дзень. І як бы не прыйшоў зноў для такіх вось “зорак” такі час, што прыйдзецца зноў ехаць на Крапіўну сёрбаць кісяля лапцем ды прасіцца напрамілы бог каб хоць выступіць. Бо курс рэжыму пакуль нязменны – вынішчэнне і вытаптванне ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага.

А што ж уласна на Крапіўне? Ды нічога такога: мастакі малявалі на сваім пленэры дняпроўскія краявіды, Пушкін дражніў сваіх гусей рознымі сцягамі – то РБшным, то еўразвязаўскім. Намстаршыні грамадскага аргкамітэту па адзначэнні 500-годдзя бітвы Мікола Купава выцягнуў усё, што мог з афіцыйна забароненага мерапрыемства: у шчыльным атачэнні міліцыі ды людзей у цывільным прывёз на Крапіўну каля 50 чалавек, бо ў Воршу ягонаму аўтобусу заязджаць забаранілі. Там троху памітынгавалі, Акаловіч асвяціў новыя медальёны ды паехалі дахаты.

Больш цікава было тое, што на мемарыял прыязджалі і 6, і 7, і 8 верасня людзі самі па сабе. Прыязджалі, нягледзячы на тэрор ДАІ на дубровенскай дарозе. Прыязджалі не толькі з Оршы, прыязджалі з Лепеля, Бярэсця, Сянно, Ліды… Прыязджалі каб проста пабыць тут, пастаяць ля памятнага знака і мемарыяльнага крыжа, памаўчаць, выпіць чарку за перамогу, магчыма памаліцца за душы палеглых тут 500 гадоў таму за вашу і нашу свабоду. Так проста, і так кранальна. Як гэта ўсё не падобна на казённыя забавы звыш усялякай меры расфуфыранай “Лініі Сталіна”!

А. РШАНСКІ

3-16.9.2014_139[1]

3-16.9.2014_142[1]
3-16.9.2014 123
Перафразуючы Mарка Твена, можна з поўным правам сказаць: чуткі аб смерці фестываля беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва” пад Оршай былі некалькі перабольшаныя. І гэта чыстая праўда.

Read more...Collapse )

Як даехаць

Да Воршы (з Менску) можна даехаць:

1. На прыгараднай электрычцы
Расклад:
Менск-Сарт(ст.м.І.Культуры) 5.18 Орша-Цэнт. 9.06
Менск-Сарт(ст.м.І.Культуры) 6.29 Орша-Цэнт. 10.32
Менск-Усходні (ст.м.Пралетарская) 9.24 Орша-Цэнт. 13.18
Менск-Сарт(ст.м.І.Культуры) 10.42 Орша-Цэнт. 15.08
Менск-Усходні (ст.м.Пралетарская) 13.13 Орша-Цэнт. 16.53
Менск-Усходні (ст.м.Пралетарская) 14.56 Орша-Цэнт. 18.50
Менск-Усходні (ст.м.Пралетарская) 16.26 Орша-Цэнт. 20.39
Менск-Сарт(ст.м.І.Культуры) 18.35 Орша-Цэнт. 22.23

Удакладніць расклад можна тут

2. На пасажырскім цягніку

Удакладніць расклад можна тут

3. Спынам, на сваёй машыне

Асноўныя дарогі з Менску: M1 (E3), P53/P19

Да месца (Крапівенскага поля) можна даехаць:

Ад аўтавакзала аўтобусам ці маршруткай Орша-Дуброўна да прыпынку “Гацькаўшчына” (суседнія прыпынкі – перад Гацькаўшчынай “Крапіўна”, пасля Гацькаўшчыны – “Лугаўцы”). У цэнтры Оршы аўтобусы і маршруткі дубровенскага напрамку спыняюцца таксама па вул. Камсамольскай перад мостам праз Дняпро і на вул. Дубровенскай.

Разгарнуць пост цалкам з мапамі...Collapse )

Што паглядзець у Воршы

Спадарожныя цікавосткі:

Па два бакі Цэнтральнае плошчы знаходзяцца музей Уладзіміра Караткевіча і дзіцячы парк з помнікам Караткевічу, які раней стаяў на месцы дома, дзе прайшло ягонае дзяцінства. Але ў 2008 г. у час падрыхтоўкі "Дажынак" быў са скандалам перанесены на іншае месца парка.

У парафіяльным касцёле Св. Язэпа (вул. Савецкая) экспануецца адзіная на Беларусі каляровая ксеракопія ў натуральны фармат вядомай карціны ХVI ст. “Бітва пад Оршай” невядомага аўтара, арыгінал каторай экспануецца ў Музеі Народoвым (Варшава); да касцёла ад прывакзальнае плошчы можна даехаць маршрутам №1 да прыпынку “Швейная фабрыка”.

Дадатковыя спасылкі:
Ворша на Radzima.org
Ворша ў Вікіпедыі
Сайт "Ворша - горад мой!"
Інфармацыя:  наш сайт блакуецца на пошукавых сістэмах у зоне дзеяння Белтэлекому. Просьба спрыяць распаўсюду інфармацыі аб нашым сайце усім, хто цікавіцца беларускай аўтарскай песняй і не толькі.
СУВЯЗЬ: адрас электрапошты часова адсутнічае, таму як пазначаная паштовая скрынка заблакаваная.
Гісторыя Бітвы пад Оршай 1514 г.

Наведвальнікам

87.26 КБШто трэба ведаць гледачу і ўдзельніку:

Цяпер культурны адпачынак традыцыйна адбываецца на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году – левым беразе Дняпра не абавязкова пры ўпадзенні ў яго рэчкі Крапівенкі. Адпачынак ад пачатку быў задуманы як імпрэза выхаднога дня ў фармаце open air, таму пачынаецца вечарам бліжэйшай да 8 верасня суботы і доўжыцца практычна ўсю ноч з тым, каб за нядзелю ўдзельнікі змаглі выспацца, адпачыць і спакойна дабрацца дадому.

Трэба памятаць, што адпчынак праходзіць на адкрытым паветры на беразе ракі, таму варта падумаць пра адпаведную вопратку, запас ежы і пажадана дах над галавой (намёт). Запасціся дровамі для вогнішча трэба будзе цяпер самім на месцы.